Садко Людмила Михайлівна, кандидат філологічних наук, доцент, докторант Центру дослідження білоруської культури, мови і літератури Національної академії наук Білорусі «Вобразы савецкай гісторыі ў сучаснай эксперыментальнай беларускай паэзіі»

 

Садко Л.М., к. філал. н., дацэнт, дактарант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі,
Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна (Беларусь)

ВОБРАЗЫ САВЕЦКАЙ ГІСТОРЫІ Ў СУЧАСНАЙ ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ

 У сучасным літаратурным працэсе адбываецца актуалізацыя пазітыўнасці неразумення, распаўсюджваюцца сумненні ў рэальнасці і дасягальнасці сусветнай гармоніі наогул, генеруецца новая мова апісання культурных феноменаў з дапамогай прыёмаў абсурдызацыі, нонсэнсу, гратэску, паэтызацыі хаосу як канстанты светабудовы. Незвычайна распаўсюджанымі становяцца стратэгіі пісьма, накіраваныя менавіта на эксперымент і наватарства.

З’ява паэтычнага эксперыменту разглядаецца ў працах расійскага філолага і семіётыка Ў. В. Фешчанкі: «Розніца паміж класічным і некласічным (эксперыментальным, авангардным) творам мастацтва выяўляецца ў тым, што першае ствараецца па вызначаным звонку (традыцыяй, нарматыўнай граматыкай, стылявымі маркерамі) канону, тады як апошні засноўвае нейкі ўнутраны закон» (Курсіў У. В. Фешчанкі. – Л. С.) [5, с. 63], а сам «эксперымент як метад уяўляе сабой сістэмную з’яву, заснаваную на якаснай змене зыходнага моўнага матэрыялу, на зрушэнні моўных прапорцый у яго структуры з мэтай яго пераўтварэння» [5, с. 5].

На складанасць пабудовы мастацкага тэксту звярталі пільную ўвагу яшчэ рускія фармалісты, адзначаючы, што паэтычны код і ёсць парушэнне правілаў звычайнай мовы. Як адзначае Ю. Крысцева, «прадстаўленне аб паэтычнай мове як аб адхіленні ад мовы нармальнай («навізна», «растармажванне», «вывядзенне з аўтаматызму») прыйшло на змену натуралістычнай канцэпцыі літаратуры як адлюстравання (выяўлення) рэальнасці [1, с. 196], а сама паэтычная мова «з’яўляецца дыядай, непарыўна звязанай як з законам, так і з яго парушэннем» [1, с. 197].

Дэміфалагізацыя рэальнасці, агаленне яе сапраўдных механізмаў, што закамуфляваныя афіцыйнымі ідэалагічнымі і эстэтычнымі ўяўленнямі, ідэі спантаннасці, адагматычнасці творчасці, панаванне эксперыменту з’яўляюцца ключавымі ў творчасці цэлага пакалення сучасных беларускіх паэтаў: Міхаіл Анемпадыстаў (1964–2018), Міхаіл Башура (1975), Зміцер Вішнёў (1973), Адам Глобус (1958), Усевалад Гарачка (1968), Юрый Гумянюк (1969–2013), Джэці (Вера Бурлак) (1977), Дзмітрый Дзмітрыеў (1978), Віктар Жыбуль (1978), Арцём Кавалеўскі (1979), Марыя Мартысевіч (1982), Серж Мінскевіч (1969), Дзмітрый Плакс (1970), Юрась Пацюпа (1969), Васіль Сахарчук (1953–2003), Людка Сільнова (1957), Аксана Спрынчан (1973), Сяргей Прылуцкі (1980), Ганна Ціханава (1977), Аляксандр Туровіч (1978).

Гэтыя беларускія аўтары звярнуліся ў сваёй творчасці да прыёмаў праблематызацыі мовы, да спробаў ператварыць літаратурны тэкст у рэальную, бачную і пачуццёвую рэч, даступную чалавечаму ўспрыманню на ўзроўні і эмпірычным (праз асаблівую метрыку, арыгінальную акустычную арганізацыю, сістэму асанансаў і кансанансаў, візуальную структуру верша), і абстрактным (праз семантыку, прагматыку, метафорыку). Такім чынам, вершы падобнага тыпу адлюстроўваюць тэндэнцыю і да інтэлектуалізацыі, філасафічнасці, і да матываванасці выказвання. Мастацкія пошукі гэтых аўтараў, несумненна, імкнуцца да эстэтыкі авангардызму, нэаавангардызму і постмадэрнізму, да выхаду за межы такіх нормаў літаратурнай мовы, як тыповасць, распаўсюджанасць, устойлівасць, адпаведнасць узусу і магчымасцям сістэмы мовы, да пераадолення «узору». З гэтай нагоды расійскі філосаф В. А. Падарога піша: «для літаратуры ўзору на першым месцы застаецца крытэрый рэалістычнасці, г.зн. падтрыманне ў чытача “моцнай” рэферэнцыйнай ілюзіі. Для літаратуры іншай, эксперыментуючай, вызначальную ролю набывае мімесіс унутры твора, <...> які паказвае на тое, што літаратурны твор самадастатковы і не зводзіцца да дакладнасці вонкавага, нібыта рэальнага свету» [2, с. 11].

Часавая дыстанцыя, якая склалася на сённяшні дзень у адносінах да гістарычных рэалій савецкага часу, з’яўленне некалькіх пакаленняў маладых мастакоў слова, якія не маюць вопыту жыцця ў СССР, выклікі сучаснай светабудовы робяць магчымым вывучэнне мастацкага асэнсавання падзей 1917–1991 гг. у творчасці сучасных беларускіх паэтаў. Трэба адзначыць агульную тэндэнцыю ў ацэнцы падзей гэтага гістарычнага перыяду як загадзя трагічнага, дэгуманізаванага, напоўненага бязбожнасцю і механізмамі адчужэння асобы.

Значную даследчую цікавасць ўяўляюць сабой тэксты айчынных аўтараў М. Мартысевіч, М. Анемпадыстава, Ярылы Пшанічнага створаныя на трасянцы як моўнай зяве сучаснай Беларусі. Цікавыя прыклады інтэрферэнцыі рускай і беларускай моў сустракаюцца і ў эксперыментальных творах паспяховых беларускіх музычных гуртоў «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубецкой», «Разбітае Сэрца Пацана», текстах Лявона Вольскага.

Стварэнне тэкстаў на трасянцы ў дастатковай ступені можа разглядацца як своеасаблівае «адзіўленне», постмадэрнісцкі выхад у стыхію натуральнай мовы. Зняцце апазіцыі паміж «высокай» (літаратурная мова) і «нізкай» (народна-гутарковая мова), кадыфікаваным і некадыфікаваным лінгвістычным варыянтам адзначаецца ў творах Ярылы Пшанічнага, беларускага паэта, музыканта і лінгвакрэатара (сапраўднае імя аўтара – Уладзімір Банько (1973–2015). Па словах Зм. Вішнёва, аўтара ўступнага артыкула да зборніка «Пішчавыя лішкі» (2011), тэксты Ярылы Пшанічнага – «спроба пакпіць з існай лінгвістычная сітуацыі; аўтар жанглюе не толькі палітычнымі, эканамічнымі мячамі, ён жанглюе постсавецкай заскарузласцю, выкрываючы псеўдаінтэлігентнасць» [3, с. 3].

Звернемся да твораў аўтара. Вядомая дзіцячая навагодняя песенька «Маленькой елочке холодно зимой» стала ў пэўным сэнсе сімвалам святкавання савецкага Новага года, дзе за знешняй ідэалагічнай паказушнасцю хаваліся цалкам «дарослыя» грахі і грашкі. Ярыла Пшанічны у вершы «Рыхтуйцеся» у гульнявой, парадыйнай форме інтэрпрэтуе галоўныя савецкія навагоднія «эмблемы», у тым ліку з дапамогай трасянкі пазбаўляючы іх арэолу прыстойнасці:

гэць сумота

гэць работа

скончыца нядзелька –

на кастрычніцкай паставяць

супер-пупер елку

добрая пушыстая

метраў трыццацьпяць

ты вярнулась з лесу

зноў да нас апяць

 

гэта радасць і вяселле

гоман песьні танцы

вакол п’яна будуць скочыць

дажэ інастранцы

Строфы верша дэманструюць кампазіцыйную асіметрыю паміж канонам, чаканым, і рэалізацыяй, яўленым. Чаканы малюнак святкавання Новага года, рамантычная атрыбутыка новых спадзяванняў моцна разыходзіцца з яўленай у тэксце Ярылы Пшанічнага рэальнасцю. Яго тэкст прайгравае хутчэй карнавальнае каляднае гулянне, дзе смехавая культура сутыкаецца з рацыянальнымі законамі савецкага «правільнага» свята. Падобныя зніжанасць, вульгарызаванасць, дэсакралізацыя надаюць тэксту авангардысцкую інтэнцыю разбурэння і абнаўлення. Трагічнасць жыцця, прапушчаная скрозь прызму смехавога выкарыстання трасянкі паўстае ўжо жыццесцвярджальнай, хуліганска-зухаватай. Хмельны Дзед Мароз раздае праўдзівыя, хай і сцёбавыя, рэкамендацыі па выжыванні ў сучасным вар’яцкім свеце:

Вы пражылі не дарма

Гэты час са мною

Потым будзе яшчэ горш

Я ад вас не скрою

 

Не сумуйце вы аб гэтым

Дзеці-дзетвара

Потым гэту елачку

Парубім на драва

Трасянка ў гэтым тэксце як раз і становіцца адным са сродкаў вызвалення з «постсавецкай заскарузласці», а лёс ялінкі, пасечанай на дровы, гэта цалкам знаёмая эгіда авангардызму і постмадэрнізму, дзе эстэтыка нігілізму і дэсакралізацыі з’яўляецца дамінуючай, а заклікі скінуць з «карабля сучаснасці» – толькі дэкларацыя творчай свабоды.

Песня-гімн «El pueblo unido jamás será vencido» («Пока мы едины, мы непобедимы») на нейкім этапе ператварылася ў савецкую народную, стала сімвалам барацьбы за дэмакратыю спачатку ў Чылі, а затым і ва ўсім свеце. Ярыла Пшанічны стварае аднайменны верш у рытме гэтага гімна, абвяшчаючы іранічную вайну заморскім прысмакам і дэлікатэсам:

паўстань

кашанка з ліверкай

паўстань паўстань паўстань

бязлітасна бясконцую

вайну распачынай

 

аўсяначка-матуля

і дзіруноў прыгаркі

паўстаньце як адзін

вы змагары змагаркі

Простая звыклая ежа ў вершы становіцца своеасаблівым брэндам, нацыянальнай ідэяй, здольнай аб’яднаць і салідарызаваць грамадства па правілах ваеннага камунізму, перажытка нядаўняга мінулага постсавецкіх краін. У вершы «El pueblo unido jamás será vencido» зроблена пародыя на яшчэ адно «агульнае месца» – традыцыйную мадэль паводзін. Аўтар дэманструе гатоўнасць лірычнага героя да бяздумнай агрэсіі, дзялення свету на сваіх і чужых, экстрэмісцкае імкненне прытрымлівацца лозунга «весь мир насилья мы разрушим». Можна казаць аб тым, што моўнае афармленне гэтага тэксту адпавядае тыпу асобы, умоўна названай «Homo soveticus», у некаторых аспектах мова такіх вершаў набліжаецца да соц-арту (выкарыстанне «ваеннай» мовы гаўкаючых каманд, эксплуатацыя спецыфічнай лексікі):

бей злыдняў супастатаў

гані з прылаўкаў вунь

хай ў крамах марсэльеза

гучыць пад посьвіст куль

Адзначым, што аналіз вобразаў савецкай гісторыі ў сучаснай эксперыментальнай беларускай паэзіі (на прыкладзе творчасці Ярылы Пшанічнага) дазваляе зрабіць вывады аб частотным выкарыстанні некадыфікаванай мовы (трасянкі) для стварэння тэкстаў падобнага ідэйна-тэматычнага поля. Зварот да трасянкі ў гэтым выпадку носіць характар моўнага экстрэмізму, хуліганства, абсмейвання і дэфармавання аўтарытэтаў і канонаў, дзёрзкага жарту, так званага «сцёбу» над паняццямі нарматыўнасці. Сцёб як асаблівы стыль зносін, як спецыфічная мова інтэлігенцкай і моладзевай «тусоўкі» паўстаў і развіўся яшчэ ў 1970–1980-я гг. Расійскі філолаг-літаратуразнаўца А. А. Агееў паказвае, што «глум і сцёб былі тады супрацьпастаўленыя афіцыйнаму палітыка-патэтычнаму жаргону, а заадно і ўсёй “вялікай рускай мове”, якая дазволіла сябе рэдукаваць да партыйнага “навамоўя”. Гэта была своеасаблівая культурная самаабарона, вельмі, зрэшты, глухая і не заўсёды ясна ўсведамленая “носьбітамі мовы”» [4, с. 22–23].

Акрамя таго, запатрабаванымі сродкамі пісьма ў паэта-эксперыментатара Ярылы Пшанічнага з’яўляюцца прыёмы з арсеналу камічнага – іранічна асэнсоўваюцца ідэалагічныя савецкія каноны, абсурдызуецца гістарычная канкрэтнасць, гратэскна загастраюцца вобразы, што прыводзіць да стварэння своеасаблівых тэкстаў-памфлетаў.

Літаратура

1. Кристева Ю. Избранные труды: Разрушение поэтики. Москва : Российская политическая энциклопедия, 2004.  656 с.

2. Подорога В. А. Мимесис. Материалы по аналитической антропологии литературы: в 2 тт. – Т. 1. : Н. Гоголь, Ф. Достоевский. Москва : Культурная революция Логос, Logos-altera, 2006. С. 9–16 с.

3. Пшанічны Я. Пішчавыя лішкі : вершы. Мінск : Галіяфы, 2011. 84 с.

4. Русский язык конца ХХ столетия (1985–1995) / отв. ред Е. А. Земская. Москва : Язык русской культуры, 1996. 473 с.

5. Фещенко В. В. Лаборатория логоса. Языковой эксперимент в авангардном творчестве. Москва : Языки славянских культур, 2009. 198 с.

2 коментарі:


  1. Вялікі дзякуй за вельмі змястоўны даклад, які
    пазнаёміў з цікавым літаратурным з'явай!
    Прывядзіце, калі ласка, прыклад парадзіравання або сцёбу над савецкім навамоўем СУЧАСНАЙ ЭКСПЕРЫМЕНТАЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ.

    ВідповістиВидалити
  2. Дзякуй і Вам, шаноўная пані Юлія за цікавасць да дакладу і Вашае пытанне.
    Напрыклад, тэкст верша «Тэлеграф» з цыкла «Відэакліпы» (зборнік «Водар цела») Ю. Гуменюка складаецца з простага пералічэння распаўсюджаных, ходкіх выразаў савецкай эпохі, устойлівых абаротаў, цытат з класікі, што ад доўгага і бяздумнага ўжывання ператварыліся ў слоўную шалупіну. Такая «замалёўка з натуры» дазваляе зразумець стан мовы і мыслення простага чалавека эпохі СССР, замбаванага пастаяннымі выкрыкамі-лозунгамі, пануканнямі і помыканнямі:
    Электрычнасць небяспечнасць
    Камунізм капіталізм
    Сталін Мао Ленін Брэжнеў
    Рузвельт Рэйган
    Анархізм
    Блёк трацкістаў левых правых
    Маякоўскі ды Бурлюк
    Прага Вільня і Варшава
    Гродна Кракаў
    Гуменюк

    ВідповістиВидалити

Примітка: лише член цього блогу може опублікувати коментар.