Шаладонова Жанна Сергіївна, кандидат філологічних наук, старший науковий співробітник Центру дослідження білоруської культури, мови і літератури Національної академії наук Білорусі «Тэма казацтва ў беларускай літаратуры»

 Шаладонава Ж. С. 
кандыдат філалагічных навук
Цэнтр даследаванняў беларускай культуры,
мовы і літаратуры НАН Беларусі, Мінск

ТЭМА КАЗАЦТВА Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Казацтва – унікальны, яскравы і самабытны феномен украінскай гісторыі, духоўнай і матэрыяльнай культуры. Тэма казацтва атрымала асаблівую цікавасць на хвалі рамантычнага руху ў еўрапейскай культуры ХІХ стагоддзя, калі прывабнай і запатрабаванай сталася экзотыка казацтва і створаная ім мастацкая спадчына. У беларускай духоўна-культурнай прасторы асноўную ўвагу прыцягвалі свабодалюбівы дух, палітычная самасвядомасць казакаў, дзяржаватворчы досвед, героіка нацыянальна-вызваленчай барацьбы, што знайшло яскравае ўвасабленне як ў мастацкіх творах, так і ў публіцыстыцы. На істотную ролю вобразаў іншанацыянальнага ў самаідэнтыфікацыі звярнуў увагу В. Хораў: «Вобразы чужога жыцця складваюцца ў традыцыю, у інварыянтныя ўстойлівыя структуры свядомасці, што ахінаюць гістарычны вопыт сваёй нацыі. Яны не толькі ўзбагачаюць веды пра іншы народ, але і характарызуюць уласную этнічную ментальнасць» [11, с. 10].

У камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» (1870) парабак Пятрусь, апавядаючы ў размове з Сабковічам цікавыя сустрэчы і здарэнні ў сваім жыцці, прыгадвае «заходжага з Кіева», яго натхнёныя і эмацыянальныя ўспаміны пра мужных, адчайна смелых прадстаўнікоў казацкага войска: «Гай!.. Гай!.. брацікі, нямашака на свеце, як то калісь, слаўнай памяці, за гетманшчызны! Як баш – войска наша сабярэцца ў кучу. Не знала яно, што то – «стой» і «не шэвяліся». Бывала, пры Хмяльніцкім атамане стоўпіцца пад ясным украінскім небам сіла казацкая – палкі Чарнаморскі, Палтаўскі, Гуманскі, Гранаўскі, Пяцігорскі і Каняўскі. Казакі ў шапках сівых з краснымі галавіцамі – вось мак, цвітуць! Ураднікі на коніках фіньцяць, сотнікі вусікі круцяць, а асаула губы ду-у-у-е!» [4, с. 344]. Праз манеру паводзін, звычкі, геройскі знешні выгляд у творы ярка выяўлены ментальныя характарыстыкі казацтва, яго духоўная і фізічная моц, баявы дух, свабодалюбства і дэмакратызм.

У артыкуле «Украінскае казацтва» М. Багдановіч выказаў цікавыя і слушныя меркаванні пра асаблівасці фарміравання смелых і вольналюбівых рыс нацыянальнага характару ўкраінцаў у складаных перыпетыях сацыяльна-гістарычных варункаў і вызваленчай барацьбы: «на сотни вёрст раскидывалась здесь в старину привольная дикая степь, а по ней постоянно бродили орды кочевников, одна за другой набегавшие из глубины Азии. Неудивительно, что наши пращуры боялись селиться по этой степи <…>  не всякому было под силу здесь жить <…> Вот почему здесь селился народ отборный, смелый, не боявшийся опасностей, всегда готовый дать отпор» [1, с. 78]. М. Багдановіч стварыў каларытны і пафасны вобраз-партрэт украінскага казака на аснове вядомых яму мастацкіх і дакументальных матэрыялаў, апісанняў і ўласна-інтуітыўных уяўленняў, у якіх выпукла, калейдаскапічна праступаюць характарыстыкі знешнасці, звычак, паводзінаў, дэманструюцца суровая вытрымка, адвага і баявы дух. Падобны вобраз быў растыражыраваны на той час (карціна І. Рэпіна «Запарожцы» (1880–1891)), захоўвае сваю актуальнасць і сёння, што знаходзіць шырокае адлюстраванне ў мастацтве (кінастужка «Тарас Бульба» (рэжысёр У. Бартко, 2008) і інш.). «Кому доводилось видеть казака тех времён на верной старинной картинке, тот не скоро забудет его. Несколько скуластое лицо, глаза тёмные или карие, чёрные же брови, волосы, усы. Бород казаки не носили, брили и голову, и лишь на самой макушке оставляли прядь волос – так называемый «чуб», «оселедец»; конец его, щеголяя, заматывали за ухо. И одевались казаки тоже картинно. В одежде преобладали красный и синий цвета. Сапоги бывали из сафьяна, широчайшие шаровары («мотнею вулицу мете») из тонкого кармазина, на головах «сивые» смушковые шапки. Но это – в минуты счастья и удачи, после благополучного похода, смелого нападения. А потом всё это сносилось в заклад, изнашивалось» [1, с. 81–82].

Беларусамі ўсведамляўся той факт, што шэрагі казацкага войска папаўняліся выключна смелымі і вынослівымі, у тым ліку і суайчыннікамі, тымі, хто здолеў пераадолець Дняпроўскія парогі. Сваё ўражанне занатаваў адзін з удзельнікаў беларускай пісьменніцкай дэлегацыі 1928 г.на Украіну С. Баркоўскі: «Парог. Хвалі шумуюць і здаецца здалёк, што бягуць з гары белыя авечкі. У часы казацтва, пад’язджаючы да гэтага парогу, казакі гаварылі: «хлопцы, скідай шапкі, маліся богу» і людзі рыхтаваліся да сьмерці… Дняпро надзвычай шырокі. Едучы тут адчуваеш, што аддаеш сябе на волю стыхіі» [2, с. 163]. Аднак, як падкрэслівае аўтар, ні супрацьдзеянне воднай стыхіі, ні пабудаваная ў гэтым месцы палякамі крэпасць не маглі стрымаць настойлівага імкнення «галоты» з розных земляў уліцца ў шэрагі вольных запарожцаў.

Не абышоў тэму казацтва ў сваёй творчасці Янка Купала. У вершы «Я казак – не казак» (1911) класік апелюе да баявога духу ўкраінскага казацтва, яго «энергетычнага самаздзяйснення» (Х. Артэга-і-Гасет). Іншанацыянальная ментальная прастора выступіла для паэта крыніцай натхнення, сродкам прэзентацыі ідэйных поглядаў, духоўных інтарэсаў, грамадзянскай пазіцыі, якія, так ці інакш, аказваліся ў агульным арэале з украінскай этнічнасцю. Творы ўкраінскай тэматыкі («Я казак – не казак», «Бандароўна», «Памяці Т.Шаўчэнкі», «Памяці Шаўчэнкі») выдатна ілюструюць характарыстыку акадэмікам У. Гніламёдавым купалаўскага рамантызма: «Купалаўскі рамантызм быў бунтарны, узнёслы і ваяўнічы, для яго ўласціва ўзбуйненне асобы, цікавасць да магчымасцей чалавека, вера ў яго сілы» [3, с. 81].

Я казак – не казак,

Што нагайкай свісціць,

А казак, што калісь

Знаў, як волю любіць!

 

Што гуляў за Дняпром

Ад зары да зары,

Ў вольнай Сечы грымеў,

Як парогі ў Дняпры.

 

Што на бел-свет спяваў

Песні з поўных грудзей

І гасцінна прымаў

З свету вольных людзей.

 

Што умеў пастаяць –

Паляцець у паход –

І за волю сваю,

І за весь бедны род.

 

Што кароны пікой

І пасады ўстрасаў,

А законы крывёй

Самаўладцам пісаў! [5, с. 64].

Для беларускага песняра легендарная вольніца ўкраінскага казацтва, яго змагарна-напружаны жыццёвы тонус і гераічна-бунтарнае самавыяўленне былі сімваламі свабодных і дэмакратычных форм нацыянальнага жыцця, сапраўднага патрыятызму, самаадданага служэння дзяржаве і народу. Праз мастацкае увасабленне магутнага народнага «жадання быць» (А.Ольжыч) у купалаўскай эстэтыцы праявілася духоўная энергія пасіянарна-змагарных імпульсаў, адпаведных асноўным рысам рамантычнага светабачання Тараса Шаўчэнкі.

Сваё месца займае Украіна ў купалаўскай гісторыясофскай канцэпцыі. У паэме «Бандароўна» (1913) аўтар звяртаецца да вядомых падзей украінскай гісторыі – гайдамацкага паўстання 1768 года, на іх матэрыяле фарміруе падзейную канву твора, услаўляе жыццёвы подзвіг, мужнасць і непахіснасць духу галоўнай гераіні, перадае напружанасць, адчайны радыкалізм яе супрацьстаяння панскім дамаганням. Выключнасць, неардынарнасць вобраза Бандароўны ў беларускай літаратуры можна патлумачыць уздзеяннем іншанацыянальнай ментальнасці. На думку І. Навуменкі, «вобразаў такога гераічнага, трагедыйнага напаўнення, як музыка-гусляр («Курган») і Бандароўна, беларуская літаратура да Купалы не ведала, вобразы гэтыя створаны як бы насуперак таму шырока распаўсюджанаму тады ў літаратуры погляду, паводле якога беларус і ў сваёй цяперашняй дадзенасці, і ў гістарычнай даўнасці паўставаў пакорлівым, забітым, паслухмяным; зрэшты, і аб усім народзе беларускім бытавала думка як аб народзе, не здольным да гістарычнай, дзяржаўнай дзейнасці» [7, с. 79]. Паэт па-мастацку праўдзіва выявіў панараму тагачаснага ўкраінскага народнага жыцця ў яго сацыяльна-гістарычнай, маральна-этычнай змястоўнасці. Сутнасць канфлікту – супрацьстаянне годнай, прыгожай дзяўчыны хціваму і распуснаму пану – набліжае «Бандароўну» да шэрагу шаўчэнкаўскіх паэм, «Князёўна», «Марына», «Сляпая», «Якбы табе давялося...». Кабзар развіваў тэму зганьбаванай жаноцкасці, самотнага, звекаванага дзявоцтва ў розных, шматлікіх варыяцыях, экстрапаліраваў на вобраз Украіны пакутніцкія жаночыя вобразы як сімвалы нацыянальнага прыніжэння, нерэалізаванасці, нявырашанасці сацыяльных супярэчнасцей, у сувязі з нацыянальнымі і сацыяльнымі канфліктамі эпохі. Развіваючы дыялектыку рамантычнага канфлікту, Янка Купала напаўняе ўчынак Бандароўны гераічна-трагічным зместам, наталяе яго пасіянарна-змагарным духам, узнімае на ўзровень подзвігу. З шаўчэнкаўскім маральна-этычным імператывам у вырашэнні падобных калізій Янку Купалу набліжае глыбінная ідэя супрацьстаяння і супрацьдзеяння рэальнай і вельмі небяспечнай пагрозе духоўна-культурнай і фізічнай асіміляцыі народа, нацыі з боку каланізатараў, прыгнятальнікаў. Засяроджанасць на праблемах нацыянальнага самазахавання, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі вызначыла тэматычныя прыярытэты ў цікавасці Янкі Купалы да культуры і гісторыі ўкраінскага народа. У паэме «Бандароўна» Я. Купала наследуе некаторыя мастацкія прыёмы шаўчэнкаўскіх «Гайдамакаў». Я. Купала пераклаў «Гайдамакаў», «Тарасову ноч» з іх бясстрашнай праўдай жорсткіх распраў з ворагамі. Першы перакладчык «Кабзара» Т. Шаўчэнкі на польскую мову (выдадзены ў 1863 г. у Вільні), беларуска-польскі паэт У. Сыракомля, засведчыўшы вялікую павагу да Тараса Шаўчэнкі, у прадмове да выдання даволі рэзка выказаўся пра «Тарасову ноч» і «Гайдамакаў». «Гайдамакаў» ён увогуле не перакладаў, а падчас польскамоўнага перастварэння «Тарасовай ночы» свядома апусціў некаторыя месцы, патлумачыўшы гэта тым, што іх аўтар «мачае свой пэндзаль у кроў, і тым самым нявечыць эстэтычнае хараство сваіх вобразаў» [12, с.210]. У «Бандароўне» асвятляюцца гістарычныя падзеі гайдамацкага паўстання, з выключнай сілай і мастацкім тэмпераментам праявіўся той жа рамантычны размах пачуццяў, усхваляваны эмацыянальна-патрыятычны максімалізм узвелічэння самаахвярных мсціўцаў, паборнікаў волі, справядлівасці.

Задымелі ў пажарах

Панскія сялібы,

Палілася кроў ракою

На лугі, на скібы.

 

Дарма рэзь стрымаць казаччу

Войска шле Варшава, –

Шмат казацтва нацярпелась,

Бітва йдзе крывава.

 

Колькі выцекла крыві йшчэ,

Не будзем казаці,

Бо крывёй сваёю роднай

Трэ было б пісаці. [6, с. 90]

Экспрэсіўныя, насычаныя мяцежным духам, гіпербалізаваныя мастацкія палотны паэмы не маглі пакінуць абыякавымі, закраналі нацыянальны гонар, абуджалі чалавечую годнасць у аморфным, прыспаным, пасіўным грамадстве. М. Тычына падкрэсліў выразныя рысы духоўна-псіхалагічнай агульнасці «непакорнай красуні Бандароўны … з яе духоўным пабрацімам Ярэмам Галайдай, галоўным героем «Гайдамакаў». Іх збліжае страсная прага волі, пяшчотная душа, страшнае ў сваім гневе сэрца, а яшчэ мацней – прага жыцця, але жыцця вольнага» [10, с. 53]. Даследчык удакладняе, што «у Купалы гэтае ж прыняцце свету, нягледзячы на яго складаную, часта крывавую гісторыю, выказана ва ўскоснай форме – у захопленым апісанні дзявочага хараства Бандароўны, чароўнай дачкі ўкраінскага народа» [10, с. 54]. У якасці духоўна-псіхалагічнай дамінанты вобраза паэт вылучае свабодалюбства і добрую славу:

А сягоння ж выглядае

Лепей, як заўсёды –

У карчомцы з казакамі

Цешыцца з свабоды.

… Не папусціць у крыўду славу,

Славу ды свабоду,

Хоць і дуж ты, і багаты,

Ды панскага роду. [6, с. 80]

Псіхалагічны воблік гераіні адпавядае эмацыянальна-сардэчнай, свабодалюбівай, пасіянарнай сутнасці ўкраінства. Менавіта ў агульным настроі, змагарна-бунтоўным духу твора, насычаным падзейным фоне ўгадваецца ўкраінскі кантэкст. Рамантычны сюжэт купалаўскай паэмы ахоплівае знакавыя ў гісторыі Украіны топасы (Берастэчка, Канеў), заведама дакладна стасуецца з вядомымі гістрычнымі фактамі, падзеямі (Каліеўшчына), якім беларускі паэт надаў дадатковыя сэнсавыя нюансы і адмысловую логіку. Гістарычная аснова паэмы настолькі глыбока прадумана і абгрутнавана аўтарам, што набывае легендарную змястоўнасць і на яе фоне нават мастацкі вымысел і палымяная рамантыка твора ўспрымаюцца як гіпатэтычна мэтазгодная рэальнасць.

Гісторыя казацкіх паходаў знайшла адлюстраванне ў творчасці Максіма Танка. Баладу «Антон Нябаба» (1952) паэт прысвяціў ўкраінскаму кіраўніку казацка-сялянскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі падчас антыфеадальнай вайны 1648–1651 гг. Вобраз мужнага народнага героя абмаляваны ва ўзнёсла-рамантычным арэоле ў атачэнні беларускіх тапонімаў, Пінска, Прыпяці, бо дзеянне адбываецца менавіта на беларускай тэрыторыі. У баладзе няма апісання ўкраінскіх рэалій, але вобраз галоўнага героя пададзены ў адпаведнасці з традыцыямі апявання казацкай славы і адвагі, змагарнай героікі. Аўтар падкрэслівае глыбіню і шчырасць патрыятычных пачуццяў паўстанца да роднага краю, адказнасць за лёс суайчыннікаў, самаахвярную адданасць справе вызвалення ад прыгнятальнікаў, мужнасць, змагарны максімалізм героя, сэрца якога // Баліць за край свой здратаваны / І за прыгнечаны народ // [8, с. 295]. У сімвалічным паядынку героя са смерцю прайграны кісет, з бурштыну люлька, мушкет, конь, якія выступаюць у творы вербальнымі маркёрамі казацкай эпохі. Але калі на кон пастаўлены стальны клінок, сімвал казацкай славы, смерць здалася, бо “выйграць славы не змагла”. 

У «Баладзе пра Гаркушу» (1955) распавядаецца пра апошні (у аўтарскай версіі) паход казацкага палкоўніка Ф. (І.) Гаркушы, ураджэнца Беларусі, паплечніка Б. Хмяльніцкага. У аўтарскай інтэрпрэтацыі смяротна паранены каля рэчкі Бярэзіна (там сапраўды адбыўся адзін з баёў з удзелам Гаркушы) атаман звяртаецца да баявых таварышаў са своеасаблівым наказам:

«Я вам, мае дзеці, пакідаю

Самы даражэйшы скарб на свеце:

Волю і любоў да свайго краю,

Славу, і вы гэта беражэце!» [9, с. 34]

Хаця Гаркуша і не загінуў ў тым баі, М. Танк наўмысна адышоў ад гістарычнай праўды, узмацніў трагічную напружанасць моманту, веліч вобраза палкоўніка і выпакутаваную праўду яго апошняй прамовы-запавету.

Пералік аўтараў, якія мастацкую канцэпцыю сваіх твораў ўзбагачалі і развівалі казацкай тэматыкай, можна доўжыць. Гісторыя ўкраінскага казацтва, да тварэння якой, як вядома, прычыніліся і беларусы, заўсёды выклікала і працягвае выклікаць жывую і шчырую зацікаўленасць на Беларусі. Зварот беларускіх мастакоў слова да падзей і асоб казацкай гісторыі заўсёды абазначаны ідэйна-сэнсавай заангажаванасцю, прэзентацыяй беларускаму чытачу ўкраінскай нацыянальнай духоўнасці, сцвярджэння ідэй свабоды і незалежнасці, патрыятызму, адказнасці за лёс радзімы і народа.

Літаратура:

1.     Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Мінск: Навука і тэхніка, 1995. Т. 3:  Публіцыстыка, лісты, летапіс жыцця і творчасці. 461 с.

2.      Баркоўскі С. Па загонах новае Украіны. Полымя. 1928. № 8. С. 150–164.

3.     Гніламёдаў У. В. Янка Купала. Жыццё і творчасць. Мінск: Беларус. навука, 2012. 252 с.

4.     Дунін-Марцінкевіч В. Збор твораў. У 2-х т. Мінск: Маст. літ., 2007. Т. 1: Драматычныя творы. Вершаваныя аповесці і апавяданні. 492 с.

5.     Купала Я. Збор твораў: у 7 т. Мінск: Навука і тэхніка, 1973. Т. 3: Вершы, пераклады 1911–1917. 432 с.

6.     Купала Я. Збор твораў: у 7 т. Мінск: Навука і тэхніка, 1972 – 1976. Т. 5: Паэмы. Пераклады. 1974. 592 с.

7.   Навуменка, І. Я. Янка Купала. Мінск: Выш. школа, 1980. 205 с.

8.   Танк, М. Збор твораў. У 13 т. Мінск: Беларус. навука, 2006. Т. 2: Вершы (1939–1954). 566 с.

9.   Танк, М. Збор твораў. У 13 т. Мінск: Беларус. навука, 2007. Т. 3: Вершы (1954–1964). 447 с.

10.   Тычына, М. А. Карані: культуралагічны дыскурс. Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей: Культурна-гістарычны і літаратурны аспекты праблемы. Мінск: Беларуская навука, 2002. С. 10–63.

11.   Хорев, В. Имагологический аспект изучения культурных связей. Человек на Балканах глазами русских. СПб.: Алетейя, 2011. 344 с. С. 10–17.

12.   Kobzarz Tarasa Szewczenki / z maіorossyjskiego spolszczyі Wіadysіaw Syrokomla. Wilno : Nakіadem A. Assa, 1863. 120 S.

 

7 коментарів:

  1. Доброго дня!
    Щиро дякую за Вашу розвідку, яка, направду, допомогла дізнатися більше про білоруську літературу, заповнити прогалини в знаннях. Приємно наочно переконатися, що в українського і білоруського народів є багата спільна історія.
    Чи можете порекомендувати художні твори, які обов'язково слід прочитати тим, хто цікавиться історією Білорусі?

    ВідповістиВидалити
  2. Дзякуй за цікавасць да беларускай гісторыі! Раю пачытаць творы У.Караткевіча, У.Арлова, В.Іпатавай, Л.Дайнекі, Л.Рублеўскай, В.Чаропкі і інш.
    Жанна Шаладонава

    ВідповістиВидалити
  3. Прывітанне, спадарыня Жанна. Дзякуй і ад мяне, вельмі інфарматыўна. Хацеў бы таксама пацікавіцца, ці працягваюць звяртацца да асэнсавання ролі казацтва в гісторыі беларускіе літаратары ХХ стагоддзя ды нашыя сучасныя пісьменнікі? І другое пытанне: у Вашай версіі да казакоў ў Беларусі адносілісь толькі станоўча, ў стыле Тараса Шаўчэнкі-рамантыка. Ці былі у беларускай літаратурнай спадчыне змаляванні казака-ворага, разбойніка? З шанобай, Арцьом Тэадаровыч.

    ВідповістиВидалити
  4. Добры дзень, спадар Арцём. Сучасныя беларускія літаратары, гісторыкі і пісьменнікі звяртаюцца да асэнсавання ролі казацтва пераважна ў дачыненні да беларускай гісторыі або да вывучэння ўдзелу беларусаў у казацкім руху.
    Адмоўнага вобраза казака ў беларускай літаратуры пакуль не сустракала. Гэта ідэйна заангажаваны вобраз. Беларускай літаратуры ўвогуле ўласцівы моцны рамантычны пачатак. А вось у фальклорна-песеннай творчасці такія зніжана-негатыўныя вобразы ёсць.
    З павагай, Жанна Шаладонава

    ВідповістиВидалити
  5. Дзякуй вялікі, як дашлёце такія прыклады зніжана-негатыўных вобразаў ўкраінскіх казакоў, буду таксама ўдзячны! ateodorovich@ukr.net

    ВідповістиВидалити
  6. Большое спасибо за статью! Очень интересно!

    ВідповістиВидалити

Примітка: лише член цього блогу може опублікувати коментар.